СВЯНЦЯ́НСКІ ПАВЕ́Т Утвораны ў 1795 на тэр. паўн.-зах. часткі былога Ашмянскага пав. ВКЛ, далучанай да Расіі ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Да 1842 наз. Завілейскім пав. Уваходзіў у Віленскую губ., з 12.12.1796 — у Літоўскую, з 9.9.1801 — зноў у Віленскую. Цэнтр — г. Свянцяны. Пл. каля 4,8 тыс. км², з іх каля 22% займалі ворныя землі, 32% — лясы. З 1861 падзяляўся на 22 воласці, з якіх 6 знаходзіліся на тэр. сучаснай Літоўскай Рэспублікі, а 16 — цалкам ці часткова на тэр. Беларусі (Аляксандраўская, Вішнеўская, Войстамская, Гадуцішская, Дубатоўская, Занарацкая, Кабыльніцкая, Кукуцішская, Камайская, Кемелішская, Лынгмянская, Лынтупская, Нястанішская, Свірская, Шэметаўская, Ясеўская). Насельніцтва на 1880 было 145,5 тыс. чал. (без г. Свянцяны), з іх 5,2 тыс. дваран, 13,3 тыс. мяшчан, 123,3 тыс. сялян, 3,3 тыс. ваеннаслужачых. Паводле канфесіянальнага складу — 122,4 тыс. католікаў, 13,1 тыс. праваслаўных, 5,4 тыс. старавераў, 4 тыс. іудзеяў. Мелася 1741 паселішча, 1067 тыс. двароў. У 1915 заняты германскімі, з вясны 1919 польскімі войскамі, уключаны ў Віленскую акругу. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 застаўся ў складзе Польскай Рэспублікі. З 22.12.1925 С.п. у складзе Віленскага ваяв. У 1930-я г. складаўся з 15 гмін. У вер. 1939 С.п. заняты Чырв. Арміяй, 2.11.1939 далучаны да БССР і ўключаны ў Вілейскую вобл., 15.1.1940 скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Гадуцішскі, Свянцянскі і Свірскі р-ны (гл. адпаведныя арт.).

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)